БЕ́НІЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.

Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г. Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.​К.​Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.​Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)